therealdesign

A+ A A-

Жыццё, як малітва за Беларусь: памяці Магдалены Радзівіл

Мария Магдалена Радзивилл

70 гадоў назад, 6-га студзеня 1945 года, у швейцарскім гарадку Фрыбургу пры кляштары сясцёр-дамініканак ціха і незаўважна для свету, які яшчэ тузаўся ў ашчэранай пашчы Другой сусветнай вайны, памерла маленькая, акуратная, паважнага веку жанчына, жыццё якой увасабляла сабой гісторыю Беларусі – гісторыю айчыны, што некалькі стагоддзяў, пераадольваючы заняпад, ішла да свайго адраджэння. Гэтай жанчынай была Магдалена з роду Завішаў Радзівіл (у першым шлюбе Красіньская), звязаная сваім паходжаннем з Уздзеншчынай.

Час няўмольна не жадаў, каб імя гэтай жанчыны ўпрыгожвала пантэон славутых дзеячаў Беларусі, а яе справы выклікалі ў нашчадкаў гонар, пашану і ўдзячнасць, а таксама жаданне браць з яе прыклад служэння Богу, айчыне і бліжняму. Але часы мяняюцца, і ў ХХІ стагоддзі ў сузор’і гэтых імёнаў аднавілася і зорка княгіні Магдалены Радзівіл – свядомай і дзейснай беларускі, мецэнаткі і асветніцы, якая сто гадоў назад бескарысліва і вынікова спрычынілася да адраджэння беларускай культуры і літаратуры: менавіта на яе сродкі друкаваліся першыя беларускія газеты і кнігі, пашыралася выдавецкая дзейнасць. У яе маёнтках працавалі беларускія школы для вясковых дзяцей, яна адкрывала прытулкі для сірот і шпіталі для параненых і хворых падчас Першай сусветнай вайны, ахвяравала вялізныя сродкі на святыні і рэлігійную дзейнасць. Магдалену Радзівіл называюць адной з найбольш маляўнічых асоб навейшай беларускай гісторыі.

Старонкі жыцця Магдалены Радзівіл упісаны ў самую гісторыю Беларусі, як у люстры адбіваюць яе цярністыя і слаўныя шляхі.

Магдалена нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. Яе бацька Ян Казімір Завіша паходзіў са знакамітага беларускага шляхецкага роду герба Лебедзь, у свой час быў вядомым навукоўцам-гісторыкам, археолагам, які даследаваў каменны век, збіраў памяткі беларускай даўніны. Імя яго было вядомае ў міжнародным навуковым свеце. Маці Магдалены, Марыя Кванецкая, была свядомай і патомнай полькай. Пыхлівая варшаўская радня лічыла Яна Завішу “правінцыялам” і не ўспрымала яго навуковую дзейнасць як штосьці вартаснае. А ён шанаваў сваё беларускае паходжанне і быў свядомым патрыётам айчыннага краю. Цэнтрам яго спадчынных земляў быў палац у Кухцічах (цяпер пасёлак Першамайск) у тагачасным Ігуменскім павеце. Любоў да Беларусі ад бацькі перадалася і Магдалене. Бацька быў для яе ўзорам служэння высокім ідэалам патрыятызму, сумленнасці, дабрачыннасці. Менавіта Магдалене ў спадчыну і адыйшлі пасля смерці Яна Завішы бацькоўскія маёнткі Кухцічы і Жорнаўка на Міншчыне.

Магдалена Радзивилл с дочкой

Жаночы лёс Магдалены складаўся нібыта зайздросна: у дваццацігадовым узросце яе выдаюць замуж за вельмі багатага і значна старэйшага за яе ўдаўца Людвіка Красіньскага. У гэтым шлюбе нараджаецца адзіная іх дачка, названая па імені свайго бацькі таксама Людвікай. Цяжка аднак сказаць, наколькі шчаслівым было гэтае замужжа для Магдалены, бо апрача матэрыяльнай забяспечанасці і агульнага дзіцяці душы гэтых людзей не ядналі ніякія іншыя інтарэсы, а любоў Магдалены да бацькоўскага краю хутчэй за ўсё аддаляла ад яе мужа. Затое дачка гадавалася ў варшаўскім коле радні бездакорнай полькай. Магдалена заўсёды пачувалася чужой у варшаўскім свеце, i ў 1895 годзе, застаўшыся ўдавой, яна без асаблівага жалю пакідае Варшаву і пасяляецца на бацькавай радзіме. Менавіта тут яна чуецца дома. Тым не менш, яна шмат падарожнічае, наведвае еўрапейскія сталіцы, варшаўскую радню. Але сэрца яе належыць Беларусі, і вельмі хутка яе служэнне Беларусі становіцца не проста пафасам, але мэтанакіраванай і канкрэтнай справай.

Вацлав Николай Радзивилл

Гэтаму папярэднічалі некаторыя падзеі яе асабістага жыцця, а менавіта знаёмства ў 1904 годзе ў Англіі з князем Мікалаем Вацлавам Радзівілам – прадстаўніком берлінскай галіны найвядомейшага беларускага магнацкага роду. Нягледзячы на тое, што князь Мікалай быў збяднелым прадстаўніком роду, гэта быў неардынарны чалавек – смелы ваяр, які вызначыўся гераізмам у руска-японскай вайне (пад Порт-Артурам) і быў узнагароджаны ордэнам св. Уладзіміра, сапраўдны рыцар краю, які дакажа гэта ўласным жыццём. Будучы літвінам (беларусам) з паходжання, ён цікавіўся беларускім фальклорам, народнымі традыцыямі, меў чуласць да іх носьбітаў – сялянаў, і гэтым таксама не мог не заваяваць сэрца Магдалены. Сваімі беларускімі прыхільнасцямі ён нагадваў Магдалене светлай памяці яе бацьку. Ды і яна адпавядала Мікалаю з дзяцінства ўзрошчаным, дзякуючы бацьку, беларускім патрыятызмам, што канчаткова вырашыла адносіны паміж імі.

Нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце (Магдалена была старэйшая за Мікалая на 19 гадоў), у 1906 годзе ў Лондане адбыўся шлюб Мікалая і Магдалены. Іх асуджалі ў варшаўскіх салонах, для іх зачыніліся дзверы ўсіх арыстакратычных польскіх дамоў і клубаў. Але гэта не спалохала маладых сужонкаў, аднадумцаў па духу: у іх была Беларусь, былі Магдаленіны землі з маёнткамі, якія чакалі сваіх гаспадароў. Магдалена аформіла ў валоданне Мікалая родавы маёнтак у Кухцічах, а ён – не толькі смелы ваяр, але і дбайны гаспадарнік – найперш заняўся пабудовай чыгункі, каб злучыць беларускую глыбінку з цэлым светам, стварыць умовы для развіцця прамысловасці краю. Дбаў ён і пра лясную гаспадарку ў сваіх уладаннях, спрыяў увядзенню новых тэхналогій у земляробстве.

Имение в Кухтичах

Справа беларускага адраджэння стала справай жыцця Мікалая і Магдалены Радзівіл. Маёнткі прыносілі немалы даход, значная частка якога ішла на дабрачынныя справы. Яны фінансавалі перыядычныя выданні і дзейнасць выдавецкіх суполак. Гэта была на першы погляд не заўважная (не афішаваная), але надта патрэбная чыннасць людзей, якія не шукалі сабе тут аніякай славы, а шчырай душой беларусаў служылі культурнаму адраджэнню айчыны. З дапамогай кухціцкай княгіні і яе мужа развівалі сваю дзейнасць выдавецкія таварыствы ў Вільні і суполка “Загляне сонца і ў наша аконца” ў Пецярбургу, выдавалiся газеты “Наша ніва” i каталіцкая беларуская газета “Bielarus”. Пры фінансавай падтрымцы Магдалены быў выдадзены першы беларускі малітоўнік для набажэнстваў “Бог з намі”.

Знакам падзякі Магдалене за яе мецэнацкую дзейнасць была выява Лебедзя – герба роду Завішаў, якую змяшчалі выдаўцы на тытульных аркушах кніг, друкаваных на грошы княгіні. А гэта былі знакавыя для беларускай літаратуры кнігі: “Вянок” Максіма Багдановіча (1913), “З роднага загону” Андрэя Зязюлі (1913), “Рунь” Максіма Гарэцкага (1914), “Родныя з’явы” Тараса Гушчы (Якуба Коласа, 1914), “Курганная кветка” Канстанцыі Буйло (1914), “Васількі” Ядвігіна Ш. (1914). Трое з гэтых маладых на той час аўтараў сталіся заснавальнікамі і класікамі нацыянальнай літаратуры, якія ўзнялі яе да годнасці літаратуры сусветнай.

Дабрачынную беларускую дзейнасць Магдалены Радзівіл не перапынілі ні Першая сусветная вайна, ні заўчасная гібель яе каханага мужа. Памяць аб ім, відаць, таксама натхняла яе на працяг той дзейнасці, якую яны вялі сумесна дзеля развіцця беларускай адраджэнскай справы. Вайна прынесла народу новыя выпрабаванні і пакуты. Магдалена спрыяла адкрыццю дзіцячых прытулкаў і шпіталяў. Яна залажыла ў Мінску дабрачыннае таварыства “Літасць” для дапамогі сем’ям пакліканых у войска. У сваіх уладаннях княгіня адчыніла некалькі беларускіх пачатковых школ для сялянскіх дзяцей (выкладалі ў іх, між іншым, сёстры Канстанцыі Буйло). Яшчэ ў даваенны час яна таксама шчодра выдат-коўвала сродкі на стыпендыі для студэнтаў-беларусаў, асабліва для тых, хто ішоў вучыцца ў духоўныя семінарыі.

Справа духоўнага адраджэння Беларусі была таксама адной з найважнейшых для Магдалены Радзівіл. Яна сама была шчырай верніцай-каталічкай, прыхільніцай усходняга абраду i рупілася аб пабудове грэка-каталіцкай царквы ў Мінску, але не атрымала на тое дазволу гарадскіх уладаў; пасылала грошы на набыццё беларускіх кніг для Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, дзе вучылася цэлая грамада будучых беларускіх святароў. Урэшце, змушаная да выезду за мяжу ў 1918 годзе, яна ахвяравала на пабудову Беларускага калегіума ў Рыме каштоўнае брыльянтавае калье, аднак здзейсніць гэты план княгіні, як вядома, беларускім святарам не ўдалося.

Магдалена Радзівіл лічыла сябе беларускай і менавіта так публічна пазіцыянавала сябе. Яна шанавала беларускую мову і ўсяляк спрыяла яе пашырэнню. Так, апрача адкрыцця беларускіх школ, яна ўласным загадам перавяла ўсё справаводства ў сваіх маёнтках на беларускую мову, што было натуральным вынікам той паслядоўнай беларусізацыі жыцця, якой спрыяла яна ўсёй сваёй дабрачыннай дзейнасцю. “Я грошай для маіх беларусаў не шкадую,” – так не раз казала Магдалена, па ўспамінах сучаснікаў. Гэта быў той матэрыяльны фундамент беларускага адраджэння, без якога яно аніяк не магло існаваць, пашырацца і весці да будучай дзяржаўнасці нашай краіны.

“Яе беларусы” сёння з удзячнасцю згадваюць і шануюць колішнюю княгіню-патрыётку, пашыраюць сведчанні пра яе дзейнасць, аднаўляюць памяць пра яе і яе гераічнага мужа. Першай данінай памяці слаўнай дачцэ беларускага народа стала кніга Віктара Хурсіка “Белы лебедзь у промнях славы”, прысвечаная Магдалене Радзівіл і выдадзеная ў 2001 годзе, да 140-годдзя з дня яе нараджэння. Кніга сталася сапраўдным адкрыццём праўдзівай беларускай гісторыі, натхніла многіх, у тым ліку і аўтара гэтых радкоў, на пашырэнне ведаў пра нашую слынную зямлячку сярод суайчыннікаў.

Могила Марии Магдалены Радзивилл

Для адраджэння памяці пра Магдалену Радзівіл шмат робіцца сучаснымі землякамі княгіні. Яе прыклад натхняе сённяшніх беларусаў на адраджэнне культурнай памяці і гістарычных каранёў. Так, вядомы края-знаўчы каляндар на 2011 год быў прысвечаны Магдалене Радзівіл (да 150-годдзя з дня яе нараджэння) і змяшчаў прыгожы партрэт княгіні, намаляваны вядомым беларускім мастаком Алесем Цыркуновым. Хоць партрэт у свой час выклікаў вакол сябе бурную палеміку, аднак прыгажосць і сімвалічны змест яго, можна сказаць, зрабілі з яго нацыянальны абраз, у якім рэальная асоба княгіні становіцца алегорыяй самой краіны – Маладой Беларусі.

150-годдзе Магдалены Радзівіл было ўрачыста адзначана таксама правядзеннем у снежні 2011 года “круглага стала”, арганізатарамі якога выступілі Грамадскае аб’яднанне “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, што спрыяла далейшаму пашырэнню цікавасці да імя і справы Магдалены Радзівіл сярод нашчадкаў, тых, каму яна ў свой час самаахвярна служыла.

Радуе таксама і тое, што годным імем Магдалены Радзівіл названа адна з новых уздзенскіх вуліц. А зусім нядаўна, напрыканцы 2014 года, у былых Кухцічах, каля Узды, была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар мужа Магдалены Мікалая Радзівіла, адважнага ваяра і патрыёта, усталяванне якой было прымеркавана да сотых угодкаў з часу яго гераiчнай гібелі. Гэтая падзея таксама з’яднала ў патрыятычных пачуццях сучасных беларусаў, тых, хто нераўнадушны да сваёй гісторыі, хто памятае продкаў і іх высакародныя ўчынкі, хто спрыяе сённяшняму культурнаму адраджэнню бацькаўшчыны.

Ірына Багдановіч. Газета «Чырвоная зорка» 10 студзеня 2015 года

Copyright © ГУО "Узденская средняя школа №2 им. К.К.Крапивы" | 2014 - 2015